20 лютага інфармацыйная група «САВА» завітала ў кожны клас, каб нагадаць пра значнасць Міжнароднага дня роднай мовы. Вучні разам з настаўнікамі ўзгадвалі гісторыю свята, разважалі пра лёс беларускай мовы, пра яе мілагучнасць, сілу і душэўную цеплыню. Асаблівай падзеяй гэтага дня стаў Гродзенскі абласны дыктант. Да яго далучыліся гімназійцы, настаўнікі і бацькі вучняў. Усе разам, адчуваючы адзінства і гонар за сваю краіну, старанна выводзілі радкі тэксту, напісанага на роднай мове. Гэта быў не проста праверачны момант, а сапраўднае свята слова, якое аб’яднала розныя пакаленні. Увесь тыдзень роднай мовы ў гімназіі прайшоў цікава і насычана: ладзіліся пазнавальныя мерапрыемствы, інтэлектуальныя гульні. Кожны дзень прыносіў новыя адкрыцці і яркія ўражанні. Тыдзень роднай мовы стаў часам еднасці, натхнення і любові да сваёй культурнай спадчыны.